ЧАРНОБЫЛЬСКАЯ ТРАГЕДЫЯ
https://youtu.be/M5oiC3pFJCU
Дзень 26 красавіка 1986 г. увайшоў у гісторыю Беларусі і ўсяго чалавецтва як адна з самых трагічных старонак ХХ стагоддзя. Ядзерны выбух на чацвёртым блоку Чарнобыльскай АЭС стаў страшным пакараннем радыяцыйным апраменьваннем, смяротнымі пакутамі, бежанствам, анкалагічнымі хваробамі, маральнымі праблемамі. Свет, час і лёс для беларусаў трагічна раздвоіліся, раскалоліся папалам:
Адлік пачынаўся нязнанае эры
Змагання жыцця з небыццём… (С.Законнікаў. "Чорная быль").
Пісьменнік-гуманіст Алесь Адамовіч празорліва зрабіў выснову, што "новы стан у роду чалавечага, новы адлік часу пачаўся і з 26 красавіка 1986 года. Да Чарнобыля і пасля Чарнобыля - гэта рознае светаадчуванне, гэта па-новаму небяспечныя шляхі чалавецтва ў будучыню.
Беларуская паэзія забіла ў звон бяды і трывогі з самых першых дзён чарнобыльскай навалы, загаварыла з вялікім эмацыянальным хваляваннем пра жыццё. Такі грамадзянскі неспакой, адказнасць за лёс чалавечы яна праяўляла заўсёды ў драматычныя і лёсавызначальныя моманты айчыннай гісторыі. І гэта невыпадкова, бо паэтычны радок - самая эмацыйная і чуйная форма рэагавання на падзеі. Першымі водкукамі на Чарнобыль сталі вершаваныя радкі Н.Гілевіча, А.Вялюгіна, Р.Барадуліна, Я.Янішчыц, М.Мятліцкага, А.Грачанікава, М.Танка, Д.Бічэль-Загнетавай, У.Верамейчыка, А.Лойкі, С.Законнікава, Г.Бураўкіна і многіх іншых.
Сёння Чарнобыль - боль усёй Беларусі, таму заканамерна, што чарнобыльская трагедыя стала вядучай тэматычнай лініяй сучаснай паэзіі, увогуле літаратуры. Чарнобыль - горыч усяго народа. Чарнобыль - гэта вайна, якую нельга спыніць. Чарнобыль - адвечны боль за зямлю, Бацькаўшчыну. За 35 гадоў пасля аварыі пра Чарнобыль у беларускай паэзіі з`явіўся шэраг выдатных паэтычных і эпічных твораў, з якімі мы прапануем вам пазнаёміцца ў дзіцячай бібліятэцы імя Васіля Віткі.
#цсдб_минск #детскаябиблиотека #библитекаВитки #Чернобыль #больЧернобыля #аэс #катастрофа #35летЧернобылю #помнимскорбим #трагедияБеларуси #беларускіяпаэты #творыпраЧарнобыль #Чарнобыль #гучныячытанні #беларускаяпаэзія #вершыпраЧарнобыль