Падчас мерапрыемства вучні 3”А” класа беларусамоўнай 60-й школы пазнаёміліся з жыццёвым і творчым шляхам Уладзіміра Сцяпанавіча - лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, шматлікіх літаратурных прэмій, аўтарам больш 70 кніг. Дзецям вельмі спадабаліся спектаклі лялечнага тэатра "Пацешка" па любімых творах Ліпскага. У пісьменніка і галоўнага рэдактара часопісаў "Вясёлка" і "Буся" шмат займальных, багатых прыгодамі і казачнымі сітуацыямі аповедаў. Кожны твор У.Ліпскага вучыць малечу дабрыні, чалавечнасці, развівае фантазію, далучае да роднага слова. Нездарма многія з іх уключаны ў школьную праграму. Уладзімір Сцяпанавіч усё сваё жыццё і творчасць прысвяціў дзецям, таму разумее іх, як ніхто іншы. Ён правёў з хлопчыкамі і дзяўчынкамі вясёлую гульню, прапанаваў ім паспрабаваць сябе ў ролі аўтараў і прыдумаць свае фантастычныя прыгоды. Ліпскі шчыра адказаў на ўсе пытанні дзяцей, падзяліўся планамі на будучае і падарыў бібліятэцы сваю новую кнігу "Закаханы трэцякласнік". Нашы маленькія чытачы высока ацанілі цікавы выступ, эмацыянальнае чытанне сваіх твораў, валоданне мілагучнай беларускай мовай, удалы гумар і выдатную фантазію вядомага пісьменніка. А за актыўнасць і арыгінальныя пытанні яны атрымалі прызы ад класіка беларускай дзіцячай літаратуры!