Прэзентацыя кнігі Ганны Янкута "Кот Шпрот і таямніца атракцыёнаў".
21 лістапада, у беларускі чацвер, у дзіцячай бібліятэцы №6 імя В.Віткі зноў адбылося свята новай кнігі. На гэты раз да нас завітала Ганна Янкута – вядомая перакладчыца кніг для дзяцей і дарослых. Дзякуючы ёй па-беларуску з'явіліся гісторыі пра Шэрлака Холмса, зімовая казка з прывідамі Дыкенса і шмат чаго яшчэ. Хобі аўтаркі – назіранне за птушкамі і гарадскім жыццём, а з катом Шпротам яна нават знаёмая асабіста. Аднойчы мінскі кот Шпрот, які любіць уначы цішком збегчы з балкона і паблукаць па ваколіцах, знаёміцца з прывідамі, што жывуць пад вокнамі яго дома. Так пачынаюцца прыгоды ката Шпрота і хлопчыка Алеся ў парку Чалюскінцаў, завязваецца іх сяброўства з суседзямі – прывідамі, вераб’ямі і мышамі. Героі кнігі ратуюць сяброў, якія трапілі ў загадкавую пастку, і вучацца разам спраўляцца з нягодамі. Ганна распавяла вучням 2 "Б" класа 60-й сярэдняй школы пра гісторыю стварэння і асаблівасці кнігі, прачытала ўслых некаторыя ўрыўкі і правяла гульню на кемлівасць "Веру - не веру". Пісьменніца звярнула ўвагу дзяцей на шыкоўныя ілюстрацыі, якія намалявала Ліля Давыдоўская – вядомая мастачка і дызайнерка, выпускніца Акадэміі мастацтваў. Але больш за ўсё нашых маленькіх чытачоў уразіла тэатральная пастаноўка знакамітага лялечнага тэтра "Пацешка" па матывах прэзентуемай кнігі. За актыўнасць і правільныя адказы хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі падарункі - каляровыя налепкі і дыскі з аўдыёкнігай пра Білу з Болаю. Супрацоўнікі бібліятэкі выказваюць шчырую падзяку спадарыне Ганне за цікавую сустрэчу і не развітваюцца. #ганнаянкута #котшпрот #прэзентацыякнігі #будзьма #цсдб_минск #беларускічацвер #кукольныйтеатр #детскаябиблиотека #сш60 #библиотекавитки