Сустрэча з дзіцячым пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім і рэдакцыяй часопіса “Вясёлка”
у рамках праекта “Чытанне з Буслікам, або шпарка па-беларуску”.
Калі ў бібліятэку прыходзіць госць, то гэта сапраўднае свята. Свята не толькі для біблятэкаў, але і для нашых маленькіх чытачоў. Сёння адбылася цудоўная сустрэча з дзіцячым пісьменнікам Уладзімірам Ліпскім і рэдакцыяй часопіса “Вясёлка” у рамках праекта “Чытанне з Буслікам, або шпарка па-беларуску”. Прымеркавана яна была да Году народнага адзінства.
Уладзімір Сцяпанавіч распавядаў нашым буслянятам, якая цудоўная і прыгожая наша Беларусь, як неабсяжны яе прасторы, як важна ёй ганарыцца, любіць і быць яе патрыётамі. На мерапрыемстве была закранута і тэма вайны. Так атрымалася, што свайго дзяцінства ў пісьменніка не было. Ён быў маленькім, калі пачалася вайна. Таму многія яго успаміны прысвечаны гэтай тэме. Уладзімір Сцяпанавіч пажадаў нашым бусляняткам, каб яны ніколі не спазналі боль і жахі вайны.
Былі пад час сустрэчы і вясёлыя ноткі, калі дзеці адправіліся ў займальнае падарожжа па часопісу “Вясёлка”. Дзеці адгадвалі загадкі, чыталі вершы і вучыліся самі пісаць казку пра Чамадан. Дарэчы, казка не дапісана…
Бусляняты паабяцалі Уладзіміру Сцяпанавічу прыдумаць канец гісторыі і даслаць у рэдакцыю часопіса. А яшчэ і падпісацца на “Вясёлку”. Дзякуем Уладзіміру Сцяпанавічу Ліпскаму за цёплую і цікавую сустрэчу ў сценах дзіцячай бібліятэкі №14.