ВАСІЛЬ ВІТКА. "ВЯСЁЛКІ" ВІТАЮ ПРЫЛЁТ...
8 красавіка ў Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адбылося ўрачыстае адкрыццё літаратурна-дакументальнай экспазіцыі “Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…”, прымеркаванае да 110-годдзя з дня нараджэння беларускага пісьменніка, заслужанага дзеяча культуры Беларусі Васіля Віткі.
Кожны беларус з маленства ведае казкі “Вавёрчына гора”, “Казка пра цара Зубра”, “Азбука Васі Вясёлкіна”, а многія ў дзяцінстве з нецярплівасцю чакалі чарговы нумар часопіса “Вясёлка”. Цімох Васільевіч Крысько, больш вядомы пад псеўданімам Васіль Вітка, яднае гэтыя выданні.
Васіль Вітка (1911-1996) – пісьменнік шматграннага таленту. Праявіў сябе як паэт, празаік, драматург, перакладчык і публіцыст. Але найбольш вядомым і прызнаным ён стаў як дзіцячы пісьменнік. Імя гэтага слыннага творцы ўжо 10 гадоў з гонарам носіць наша дзіцячая бібліятэка.
Экспазіцыя “Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…” прадстаўляе яскравую індывідуальнасць Васіля Віткі праз яго творы і гісторыю першага часопіса для дашкольнікаў і малодшых школьнікаў Беларусі “Вясёлка”. Васіль Вітка быў галоўным рэдактарам “Вясёлкі” ад заснавання часопіса з 1957 па 1974 гг.
У адкрыцці экспазіцыі прынялі ўдзел галоўны рэдактар часопіса “Вясёлка” пісьменнік У.Ліпскі, старшыня Мінскага гарадскога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі М.Пазнякоў, рэдактар выдавецтва “Мастацкая літаратура” пісьменнік В.Шніп, загадчыца дзіцячай бібліятэкі №6 імя Васіля Віткі Т.Патук, дэлегацыя са Случчыны - радзімы пісьменніка (бібліятэкары Слуцкай раённай цэнтральнай бібліятэкі, дырэктар Акцябрскай базавай школы імя Васіля Віткі Н.Харошка), выкладчыца беларускай літаратуры БДПУ імя Максіма Танка С.Сычова, супрацоўнікі музея і іншыя. Кожны з выступоўцаў распавёў аб сваіх адносінах да асобы і творчасці Васіля Віткі, яго ролі ў развіцці дзіцячай літаратуры ў Беларусі.
Запрашаем усіх, хто цікавіцца беларускай мовай і літаратурай, а таксама тых, хоча бліжэй пазнаёміцца з творчай спадчынай Васіля Віткі, наведаць Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (Мінск, вул. М.Багдановіча, 13).
Літаратурна-дакументальная экспазіцыя “Васіль Вітка. “Вясёлкі” вітаю прылёт…” прапануецца шырокай аўдыторыі наведвальнікаў, у тым ліку сем’ям з дзецьмі. Выстава будзе дзейнічаць да 19 верасня 2021 года.
Слуцкая-Районная Центральная-Библиотека
Вясёлка і Буся - часопісы для дзяцей
Музей гісторыі беларускай літаратуры
#цсдб_минск #детскаябиблиотека #библиотекаВитки #роднаямова #ВасільВітка #беларускаялітаратура #юбілейпісьменніка #беларускічацвер #адкрыццёвыставы #чытаемнароднаймове #вясёлка #УладзіміріЛіпскі #МіхасьПазнякоў #ВіктарШніп #дзіцячаялітаратура #музей_гісторыі_беларускай_літаратуры