12 снежня ў Цэнтральную дзіцячую бібліятэку імя М.Астроўскага г.Мінска завітала беларуская пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая – стваральніца чароўных гісторый для дзяцей
Юныя чытачы бібліятэкі ўжо добра знаёмыя з яе незвычайнымі кнігамі: "Казкі Сіняй падушкі", "Касмічная адысея хлопчыка Стасіка", "Канікулы з прыгодамі", "Казкі сівой даўніны", "Таямніца незвычайнай школы","Вухуцік. Васільвася" і іншымі.
Новая кніга "Ключ ад Вялікай Каштоўнасці", якую прэзентавала таленавітая пісьменніца для вучняў 6 "А" класа мінскай школы №155, пабачыла свет у Выдавецкім доме "Звязда" у цудоўных ілюстрацыях мастачкі Галіны Івановай. Яе не давядзецца, як звычайна, чытаць старонка за старонкай. "Ключ ад Вялікай Каштоўнасці" – гэта кніга-падарожжа, кніга-гульня, кніга-квэст. Вам самім належыць выбраць, адкуль пачаць і куды перамяшчацца.
На ўсім шляху неабходна збіраць артэфакты. У фінале самыя настойлівыя і ўважлівыя атрымаюць заслужаную ўзнагароду.
Кацярына Станіславаўна ў гульнявой форме распавяла школьнікам пра сваю творчасць, пазнаёміла хлопцаў і дзяўчат са сваімі добрымі і мудрымі казкамі і падаравала юным чытачам мора эмоцый і добры настрой.
Дзеці з задавальненнем падарожнічалі па Ведзьмінаму балоту, Злавеснаму лесу і Таямнічаму возеру, правяралі сваю рашучасць і смеласць. Сустрэча атрымалася вельмі цікавай, насычанай, па-сапраўднаму шчырай і вясёлай.
Выказваем падзяку спадарыні Кацярыне за цудоўнае мерапрыемства, любоў да беларускай мовы і высокі прафесіяналізм у рабоце з дзецьмі. Ад шчырага сэрца жадаем рэалізацыі ўсіх задуманых творчых планаў і з нецярпеннем чакаем новых сустрэч!
Не прапусціце цікавую кнігу Кацярыны Хадасевіч-Лісаваой!
Далучайцеся да чытацкай аўдыторыі!
В.Красілевіч
Источник : Бібліятэка прапануе.-2020.-№2.- вокл.
"Ключ ад Вялікай Каштоўнасці"
13 февраля 2020