А на Купала сонца йграла…
Існуе ў народным календары такое цудоўнае свята, як Купалле. Яно святкуецца ў ноч з 6 на 7 ліпеня, і з даўніх часоў вядома, як свята ўшанавання сонца і жыватворных сіл прыроды. Але з прыходам хрысціянскай традыцыі на беларускія землі Купалле набыло шэраг дадатковых сэнсаў. У выніку свята супала з днём нараджэння Іаана Хрысціцеля – назва "Купалле" асацыявалася са словам "купаць", "апускаць у ваду", як пры абрадзе Хрышчэння. Так, старажытнае Купалле ператварылася ў Івана Купалу. Рыхтавацца да святочнай ночы пачыналі ад самай раніцы: дзяўчыны і жанчыны ішлі ў поле, спявалі абрадавыя песні і збіралі зёлкі, якія ў гэты дзень нібыта набывалі не толькі лекавыя, але і магічныя ўласцівасці.
Сёння і наша Тамара Генадзьеўна, яшчэ толькі сонейка ўзышло, як яна была ўжо ў лесе, дзе збірала прыгожыя кветкі і лекавыя расліны. Фальклёрнае свята “А на Купала сонца йграла” было праведзена для цудоўных дзетак са 172 сярэдняй школы, з якімі мы сёння святкавалі Купалле ў нашай бібліятэцы. Бібліятэкары расказалі пра гісторыю свята, міфы старажытных славян, якім пакланяліся нашы далёкія продкі. Школьнікі паглядзелі цікавую прэзентацыю пра Купалле, паслухалі легенду пра цудадзейную сілу траў у чароўную ноч, пазнаёміліся са звычаямі і абрадамі летняга свята. Хлопчыкі і дзяўчынкі з велізарным задавальненнем прымалі ўдзел у розных конкурсах, віктарынах, весела вадзілі карагоды, хутка падхоплівалі папулярныя шмат стагоддзяў таму гульні і забавы, і нават спрабавалі шукаць чароўную Папараць-кветку. Якую дарэчы паспяхова і знайшлі! Купалле ў нашай бібліятэцы прайшло шумна, весела, з народнымі песнямі, абрадавымі танцамі і, вядома, гучным дзіцячым смехам! Усе на нашым свяце зарадзіліся добрай энергетыкай, набраліся яркіх уражанняў і акунуліся ў чароўную атмасферу народных традыцый.