ДЗЕ ХАВАЮЦЦА КЛАСАВІЧКІ
У першы дзень другой чвэрці адбылося трэцяе мерапрыемства міні-праекта восьмай дзіцячай бібліятэкі «"Таямнічыя жыхары школьных кабінетаў": цыкл займальных чытанняў кнігі "Таямніца незвычайнай школы" Кацярыны Хадасевіч-Лісавой».
Яго адметнасцю стала месца правядзення - школьны клас. Магчыма менавіта тут дзесьці пад партай або за батарэяй ці ў шафе хаваліся класавічкі.
"У іх жа парашок нябачны", - кажа адна дзяўчынка. «Шкада», - засумавалі астатнія.
Але ж наперадзе ў нас было багата задуманага, каб сумаваць. Пад час сустрэчы мы ўзгадалі змест раней прачытанага і крыху пачыталі яшчэ. Герой кнігі – вартаўнік – паліў. Крыху пагаманілі з дзецьмі наколькі гэта шкодна. І любімы занятак дзяцей – гульня. На гэты раз Асікі, Бэсікі і Вэсікі сярод літар замежных алфавітаў шукалі беларускія і спрабавалі прачытаць прыказкі і прымаўкі. Хатняе заданне двайное: сярод замежных літар, піктаграм, смаўлаў, знакаў прыпынку трэба адшукаць беларускія, прачытаць загадку і галоўнае адгадаць яе. На развітанне выбар іншых кніг Кацярыны Хадасевіч-Лісавой для самастойнага чытання.