НЯЗГАСНАЮ ЗОРКАЮ Ў НЕБЕ РАДЗІМЫ НАВЕКІ…
Кніжны храм.
Тут зорнай чарадой
Вабяць нас паэтавы імёны.
Ты між імі -
самай незамглённай, самай блізкай
Зоркай нада мной.
Алесь Каско “Багдановічу”
Максім Багдановіч – гонар і боль нашай літаратуры. Жыццё яго было кароткім, як снежаньскі дзень і хмурным, быццам позняя восень. Толькі 25 вёсен сустрэў Максім і назаўсёды застаўся для нас маладым. Бадай, няма лепшай пашаны для паэта, калі яго творчая спадчына не забываецца скрозь дзясяткі гадоў, а яго слова зноў і зноў пранікнённа гучыць з вуснаў нашчадкаў.
На гэтым тыдні Беларусь адзначае 130-годдзе з дня нараджэння аднаго з самых любімых беларускіх паэтаў. З гэтай нагоды ў дзіцячую бібліятэку №2 завіталі вучні 4 “А”класа СШ№73. Мы падрыхтавалі для іх літаратурна-музычную кампазіцыю, пад час якой нашы юныя чытачы пазнаёміліся з асноўнымі вехамі жыцця і творчасці славутага песняра. З вялікім задавальненнем яны паслухалі прыгожыя лірычныя вершы Багдановіча «Зорка Венера», «Вераніка», “Мушка- Зелянушка і Камарык- насаты тварык”і іншыя. Песні на словы М. Багдановіча, «Слуцкія ткачыхі», «Па-над белым пухам вішняў» зачаравалі ўсіх прысутных сваёй напеўнасцю і мілагучнасцю. За правільныя адказы на пытанні віктарыны, самыя актыўныя атрымалі салодкія прызы. Зацікавіла дзетак і кніжная выстава на якой былі прадстаўлены кнігі, што распавядаюць аб жыццёвым і творчым шляху Максіма Багдановіча, а таксама зборнікі вершаў.
Хоць і рана згасла зорка жыцця паэта, але зорцы яго паэзіі не згаснуць ніколі! Яна з кожным годам усё больш і больш разгараецца і станавіцца ўсё ярчэй. І так будзе заўсёды, пакуль нам, беларусам, жыць на зямлі.