Чарговы суботні Дзень сямейнага чытання ў Цэнтральнай дзіцячай бібліятэцы быў прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, які святкуюць у свеце кожны год 21 лютага. Ён быў абвешчаны UNESCO 17 лістапада 1999 года.
Для гучных чытанняў добра падыйшла цікавая казка “Першая вандроўка Мышкі” пісьменніцы Юліі Аляксандраўны Кузняцовай у перакладзе на беларускую мову Вольгі Рацэвіч і прыгожых ілюстрацыях Алёны Ястрамской, якая выйшла ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” http://www.mastlit.by/.
Разам з дзецьмі мы з задавальненнем пачыталі па-беларуску гісторыю пра самую незвычайную на свеце карову, якая жыла ў самай звычайнай вёсцы. Маленькія чытачы даведаліся, што падчас сваёй першай вандроўкі карова Мышка і голуб Док знайшлі новых сяброў і дапамаглі дзяўчынцы Асі вярнуць кагосці вельмі важнага, а таксама паразважалі пра тое, чаму пасля падарожжаў так хочацца вярнуцца дадому. На майстар-класе ўсе намалявалі сапраўдны паветраны шар Мышкі, на які прычапілі добрыя словы.