НАВАГОДНІЯ СЮРПРЫЗЫ
Напярэдадні Новага года ў восьмых дзіцячых бібліятэках Мінска і Пярмі адбылася анлайн сустрэча “Навагоднія сюрпрызы”. Хлопчыкі і дзяўчынкі – удзельнікі праграмы міжнароднага супрацоўніцтва – віталі адзін аднаго, спявалі песні, паказвалі невялікія сцэнкі. Мінчане прачыталі па-беларуску вершы Якуба Коласа (дарэчы, у Пярмі ёсць вуліца, названая ў гонар беларускага песняра) і загадалі пермякам зімовыя загадкі. З невялікімі падказкамі маленькія пермякі ўсё разгадалі. Не дзіўна, бо з беларускай мовай яны ўжо знаёмыя. Знакамітую “В лесу родилась ёлочка” і мінчане, і пермякі спявалі на дзвюх мовах: на рускай і на беларускай. Пад час сустрэчы дзеці гулялі ў “Фанты” і пазнавальную гульню “Веру не веру”, дзе ў жартоўнай форме пазнаёміліся з навагоднімі традыцыямі Беларусі і Расіі. А яшчэ дзеці і бібліятэкі абмяніліся цалкам рэальнымі падарункамі, якія загадзя былі адпраўлены па пошце на адрасы бібліятэк. Пермская бібліятэка падрыхтавала нам выдатны сюрпрыз: паказала для нас сапраўдны лялечны спектакль па матывах беларускай народнай казкі “Пых”, якую прачыталі па-беларуску ў зборніку “Беларускія народныя казкі”, самі пераклалі на рускую мову, уласнымі рукамі зрабілі дэкарацыі і зладзілі пастаноўку. Гадзіна, што доўжылася сустрэча, прайшла хутка, цікава, пазнавальна, весела.