Будучыня ствараецца сёння. Ад сённяшніх літаратараў, выдаўцоў і настаўнікаў залежыць, ці будуць чытаць кнігі дзеці. Нягледзячы на тое, як моцна павялічылася інфармацыйная прастора і індустрыя забаў, нельга недаацэньваць ролю мастацкай кнігі ў развіцці асобы. Toe, якія творы трапяць на вочы прадстаўнікам новага пакалення, уплывае на стыль іх мыслення, лад жыцця і, адпаведна, на стан грамадства праз пару дзясяткаў гадоў.
Такія надзвычай важныя тэмы, як дзіцячая літаратура і заахвочванне дзяцей і падлеткаў да чытання, абмяркоўвалі пісьменнікі, бібліятэкары і прадстаўнікі сістэмы адукацыі напярэдадні Міжнароднай кніжнай выстаўкі ў прэс-цэнтры Дома прэсы.
«Акадэмічны інстытут, даследчыцкая супольнасць робіць шмат намаганняў для таго, каб далучыць дзяцей да класічнай спадчыны. Мне падаецца гэта выключна важным, 6о класіка мае высокую эстэтыку, вытанчаны стыль. У гэтай літаратуры закладзены і эстэтычныя, і нацыянальна-культурныя коды», — распавёў Іван Саверчанка, дырэктар Інстытута літаратуразнаўства імя Я. Купалы Нацыянальнай акадэміі навук.
Так, сапраўды, класіка — гэта падмурак, на якім павінна расці новае пакаленне, але не варта забываць і пра адпаведнасць часу, лічыць Іван Саверчанка. Існуе праграма падтрымкі сацыяльна значнай літаратуры, якую прадстаўляюць некаторыя сучасныя аўтары. Такія выданні ў першую чаргу накіроўваюцца ў школьныя бібліятэкі.
Чаму дзеці мала чытаюць?
Па-першае, калі і не чытаюць, то праз вельмі канкрэтныя прычыны. Нішто не прымусіць дзіця прачытаць нецікавую кнігу. Яшчэ вельмі важны бацькоўскі прыклад: калі кнігі ёсць у хатняй бібліятэцы, калі мама і тата самі чытаюць, то і дзіця пачынае цягнуцца да кніг. Сустрэцца з літаратурай упершыню дзіця павінна раней, чым пойдзе ў школу. Але і ў школе шмат робіцца для таго, каб зрабіць урокі літаратуры больш цікавымі.
Нацыянальны інстытут адукацыі займаецца карэкціроўкай праграм па літаратуры, уносіць у яе больш пазакласных гадзін, каб настаўнікі і вучні мелі час абмеркаваць не толькі абавязковае з праграмы. Падручнікі становяцца больш падобнымі на звычайныя дзіцячыя кнігі праз ілюстрацыі, ствараюцца дадатковыя матэрыялы для настаўнікаў. Пра гэта распавялі прадстаўнікі Нацыянальнага інстытута адукацыі Вячаслаў Караткевіч і Кацярына Цямушава.
Па-другое, адсутнасць цікавасці да кніг у дзяцей не з'яўляецца хранічнай. Яны чытаюць не так ужо і мала. Таццяна Швед, дырэктар сістэмы Цэнтралізаваных дзіцячых бібліятэк горада Мінска, у якую ўваходзіць васямнаццаць устаноў, паведаміла, што ў 2019 годзе бібліятэкі наведалі 123 тысячы чытачоў. Маргарыта Кулакова, загадчыца сектара абслугоўвання дзіцячай бібліятэкі № 10, удакладніла статыстыку: 80 % чытачоў бібліятэкі — дзеці да 15 гадоў. Камплектоўка фондаў адбываецца рэгулярна, сістэма мае адноўлены сайт і актыўна вядзе сацыяльныя сеткі. Чытаюць і на беларускай мове — у тым ліку сучасных аўтараў. Супрацоўнікі бібліятэкі шмат працуюць для папулярызацыі чытання, пры гэтым імкнуцца павысіць цікавасць сваіх чытачоў да беларускіх выданняў: творчыя сустрэчы, прэзентацыі, нават тэатралізаваныя імпрэзы па матывах кніг. Напрыклад, у бібліятэцы № 10 у мінулым годзе прайшло 328 мерапрыемстваў — амаль кожны дзень!
Тут, дарэчы, існуе адмысловы праект, накіраваны на выхаванне чытачоў з дзяцей самага ранняга ўзросту, а разам з імі — і іх бацькоў. Гэта гурток сямейнага чытання «0+. Расцім чытача самі», які, па словах Маргарыты Кулаковай, нагадвае любы развіццёвы гурток або нават дзіцячы садок, але з канкрэтнай мэтай — прывучыць да кнігі з першых гадоў.
Але, каб было да чаго прывучаць, кнігі павінны стварацца. Юлія Дашкевіч, намеснік дырэктара Выдавецкага дома «Звязда», распавяла, што з 80 найменняў, якія былі выпушчаны ў выдавецтве за 2019 год, 70 % складаюць менавіта дзіцячыя кнігі, большасць з якіх — на беларускай мове. Выдавецкі дом імкнецца распаўсюджваць свае кнігі — ладзяць сустрэчы пісьменнікаў з чытачамі, аўтограф-сесіі, прэзентацыі ў музеях і бібліятэках. На тыдзень атрымліваецца каля 10—12 імпрэз. У кастрычніку распачаты праект «"Звязда" сустракаецца з сябрамі». Найлепш выданні прадаюцца менавіта тады, калі аўтар дапамагае ў распаўсюджванні, — адзначыла Юлія Дашкевіч. Чытачы зацікаўлены, каб паразмаўляць са стваральнікам кнігі, атрымаць яго аўтограф.
Нельга сказаць, што аўтары працуюць недастаткова. Саюз пісьменнікаў Беларусі за мінулы год правёў каля 600 мерапрыемстваў. У бібліятэках Мінска працуе больш чым 30 літаратурных клубаў і студый, праводзяцца традыцыйныя конкурсы чытальнікаў і конкурсы на найлепшы твор сярод дзяцей. Саюз пісьменнікаў трымае кантакт з маладымі чытачамі і будучымі пісьменнікамі, распавёў загадчык мінскага гарадскога аддзялення СПБ Міхась Пазнякоў. Мінулы год у Саюзе пісьменнікаў увогуле выдаўся багаты на дзіцячыя кнігі.
Падчас прэс-канферэнцыі прадставілі свае кнігі дзіцячыя пісьменнікі Уладзімір Ліпскі, Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Вольга Нікольская. Мала напісаць і выдаць твор — трэба прыдумаць, як зацікавіць ім чытача. Важна напісаць не толькі пра тое, што цікава маленькаму чытачу, але і так, каб ён адчуў, што з ім размаўляюць на яго мове. Пісьменнік павінен памятаць пра сваю адказнасць — думаць, якія ідэі ён нясе свайму чытачу, як дапамагае яму адаптавацца да свету. Калі літаратары, якія працуюць у галіне дзіцячай літаратуры, кіруюцца такімі прынцыпамі, значыць, новаму пакаленню чытачоў ёсць каму давярацьДар'я СМІРНОВА
Крыніца: Літаратура і мастацтва. - 2020. - №4. - С.6