Цудоўнае надвор’е ўсталявалася на гэтым тыдні. І ў нашай бібліятэцы сёння, 15 кастрычніка, цудоўная атмасфера, якую стварылі нам выхаванцы Дзіцячага садка № 40. Група № 3, зусім ужо не маленькія дзеткі (кожнаму з іх ужо па 5-6 год), завіталі да нас на экскурсію. Гэта асаблівыя чалавечкі, якія прыемна здзівілі калектыў бібліятэкі, як толькі пераступілі парог. Маленькія госці не звадзілі сваіх ясных вачэй з бібліятэкара ўвесь час пакуль ішло мерапрыемства. У выніку інтэрактыўнай сустрэчы будучыя чытачы даведаліся: што такое бібліятэка, чым яна адрозніваецца ад кніжнай крамы, як можна запісацца, дзе знайсці патрэбную літаратуру, ну і канешне, як трэба карыстацца кнігай пад час чытання. З радасцю дзеці пазнаёміліся з самымі цікавымі і незвычайнымі выданнямі. Кожны меў магчымасць патрымаць у руках кнігу, перагарнуць старонкі, разглядзець малюнкі і ілюстрацыі. А потым было яшчэ цікавей. Неспадзявана для дзяцей, у госці завітала сама Бабуля Яга, якая жыве непадалек, у лясочку нашага раёна. І тут пачалося сапраўднае свята. Бабуля расказвала вершы, выдавала розныя жарты, гуляла з дзецьмі ў гульні. А напрыканцы быў вельмі прыемны сюрпрыз. Кожнаму маленькаму госцю нашай бібліятэкі Бабуля Яга ўручыла цудоўную кнігу Алены Зінскі “Детский сад для букварят, или Азбука в стихах”. Твары дзяцей свяціліся шчасцем, бо ўсе людзі, і малыя і дарослыя, любяць падарункі. Але яшчэ гэта былі менавіта такія дзеці, для якіх лепшы падарунак – гэта кніга! У выніку ўсе засталіся вельмі задаволенымі, і абодва бакі сышліся на тым, што жадаюць новых цёплых і прыемных сустрэч.