“КАБІНЕТ ПІСЬМЕННІКА” З УЛАДЗІМІРАМ МАЗГО
У нашай бібліятэцы №2 для вучняў 3 ”А” класа СШ №73 адбылася творчая сустрэча з вядомым беларускім паэтам Уладзімірам Мазго. Ён аўтар многіх цікавых кніг і папулярных песен, Лаўрэат літаратурнай прэміі імя Васіля Віткі, Лаўрэат літаратурнай прэміі Залаты купідон, намеснік галоўнага рэдактара часопіса "Нёман".
Уладзімір Мінавіч - вельмі займальны апавядальнік і добры суразмоўца, таму сустрэча прайшла ў дзіўнай цёплай абстаноўцы. Ён распавядаў пра сябе и пра сваё дзяцінства.
Пісьменнік пазнаёміў дзяцей са сваімі кнігамі: «Смехапад», «Цуда-вуда», «Адвечныя скарбы Радзімы», «Суседзі па сусвеце», «Таямнічая планета», «Вавёркі лушчаць зоркі», «Прыгоды марахода». А потым чытаў вершы са сваіх новых кніг: «Казкі ката-марахода» і «Хутка стану чэмпіёнам». Дзеці ўважліва слухалі аўтара, а пасля спаборнічалі ў адгадванні загадак, прапанаваных Уладзімірам Мінавічам з кнігі «Загадкавая азбука». Самыя актыўныя атрымалі салодкія падарункі ад пісьменніка.
На заканчэнне сустрэчы дзеці задавалі пытанні аўтару. Усе жадаючыя змаглі атрымаць кнігу з аўтографам аўтара з найлепшымі пажаданнямі і фотаздымак на памяць.
Выказваем удзячнасць Мінскаму гарадскому аддзяленню Саюза пісьменнікаў Беларусі за дапамогу ў арганізацыі сустрэчы з пісьменнікам. А Уладзіміру Мінавічу Мазго вялікая падзяка за ўдзел у мерапрыемстве, за цудоўныя кнігі і стварэнне добрага настрою для ўсіх удзельнікаў! Жадаем Вам, Уладзімір Мінавіч, моцнага здароўя і творчага натхнення! Да новых сустрэч!