Культурны праект “Беларусь маладая”: сустрэча з кнігай
6 снежня дзіцячая бібліятэка № 14 прымала ў гасцях Лілію Ільюшыну – маладую сучасную беларускую пісьменніцу, прадаўжальніцу стварэння і папулярызацыі фэнтэзі на беларускай мове ў галіне сучаснай дзіцячай літаратуры. У нашай бібліятэцы адбылася прэзентацыя яе першай кнігі прыгодніцкай фэнтэзі “Ключ дарог. Пачатак”. Сёння спадарыня Лілія з’яўляецца вядучай “Клуба аматараў фэнтэзі” ў Цэнтральнай гарадской дзіцячай бібліятэцы імя М. Астроўскага, ініцыятаркай і арганізатаркай правядзення беларускага фестывалю інтэлектуальнай кнігі “Pradmova”. Працуе выкладчыкам філасофіі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў. А яшчэ яна прыхільніца футболу, аматарка складання канструктараў, да таго ж шматдзетная мама, і проста вельмі абаяльная, прыгожая жанчына, вельмі творчая і крэатыўная асоба. Чаму пісьменніца піша фэнтэзі? Адказ просты: бо менавіта гэты жанр з маленства яна вельмі любіць. Сама аўтарка звяртае ўвагу на тое, што ёй падабаецца “спажываць літары” праз незвычайны свет магіі і чараўніцтва. У школьным ўзросте яна захапляльна чытала твор шведскай пісьменніцы А. Ліндгрэн “Браты Львінае Сэрца”, потым былі “Хронікі Нарніі” англічаніна К.С. Льюіса, а першы свой заробак патраціла на набыццё “Хобіта” Дж. Р.Р. Толкіена, аўтара таксама англійскага фэнтэзі. І вось надышоў той момант, калі Лілія Леанідаўна вырашыла, – трэба напісаць штосьці сваё! Так узнікла магія дарог, тэма дарог, як сімвал кроку наперад… Вельмі захацелася адправіцца ў падарожжа, за скарбамі, у пошуках прыгод і чагосьці дзівоснага. Адсюль і назва яе кнігі “Ключ дарог. Пачатак”. Асноўны сюжэт твора – гэта Краіна дарог, куды трапляюць галоўныя героі. Як тут не абыйсціся без пэўных перашкод і складаных сітуацый?! І каб знайсці сваю правільную Дарогу, каб выйсці пераможцам і выжыць у экстрыме, трэба сябе нечым абараніць. На дапамогу прыходзіць практычная магія, напрыклад, вязанне наўзаў, вузельчыкаў. І мы ўсе разам сталі вучыцца іх вязаць, такім чынам нібыта перанесліся ў кніжны свет магіі і цудаў. Тэма абярэгаў і талісманаў – адна з вядучых у кнізе Л. Ільюшынай. У галоўнага героя таксама ёсць свой талісман, чароўная манетка, ад наяўнасці якой у кішэні, залежаць перамога і поспех хлопчыка. Дарэчы, наша госця прынесла на сустрэчу невялічкі мяшочак з незвычайнымі, унікальнымі і рэдкімі манетамі, і вельмі цікава, пазнавальна расказвала пра іх гісторыю існавання. Але ж, на жаль, у рэальным жыцці няма чароўных абярэгаў, магічных манетак ці зачараваных вузельчыкаў. І толькі мы самі павінны сабе дапамагчы пазбавіцца ўласных комплексаў і жахаў, каб рухацца наперад, і не баяцца, да шчаслівага жыцця па шырокай Дарозе выпрабаванняў. Простае і незвычайнае захоўвае ў сабе самае таямнічае! Чытайце новую кнігу фэнтэзі “Ключ дарог. Пачатак” і атрымлівайце асалоду ад прачытанага! Шчыра дзякуем спадарыні Ліліі Ільюшынай за творчую і крэатыўную сустрэчу. У выніку ўсе чатыры асобнікі твора аўтаркі былі расхоплены ўдзячнай аўдыторыяй: сямікласнікі хуценька пабеглі іх чытаць дадому!!!