18 чэрвеня дзіцячую бібліятэку імя М. Астроўскага наведалі вучні 12 мінскай гімназіі, каб узнавіць у памяці і даведацца яшчэ больш пра творчасць вядомага беларускага пісьменніка Янкі Маўра. Дзякуючы пазнавальнай слайд-прэзентацыі юныя чытачы больш дэталёва разгледзелі жыццё і творчы шлях творцы, змаглі прааналізаваць некаторыя моманты яго біяграфіі, успомніўшы агульнавядомыя старонкі. Заслужаны дзеяч культуры і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі пакінуў нам багатую спадчыну. Сярод найбольш цікавых, на думку дзяцей, вылучаецца апавяданне «Багіра», якое выхоўвае веру ў дабро і міласэрнасць чалавека да братоў нашых меншых. А напрыканцы сустрэчы дапытлівыя дзеці, атрымаўшы добры настрой, з вялікім задавальненнем намалявалі цудную Багіру, надзяліўшы яе самымі лепшымі рысамі.
